Зараз усе нашыя варыянты скарыстання свабоднага часу сышлі да інтэрнэта. А як жа хочацца схадзіць у кавярню, у кіно і нават у музей! Сапраўды, не хапае руху ў жыцці. Толькі падумайце, якія мы будзем «галодныя» на культурныя мерапрыемствы і паходы, калі #лепшдома стане не актуальным і каранавірус нас адпусціць. А пакуль культурныя ўстановы могуць падумаць, як палепшыць свае паслугі, зацікавіць нас ячшэ больш. Што можна зрабіць? Наконт музеяў свой адказ на гэтае пытанне прапанавала віцебская школьніца — ўдзельніца праекта «Першыя».
Што за праект і для чаго?
«Першыя» – конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць да лепшага навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей. У конкурсе могуць прыняць удзел вучні 9, 10-х і 11-х класаў. Праект арганізоўвае кампанія А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Па правілах конкурсу ўдзельнікі павінны прапанаваць свае ідэі па адным з чатырох кірункаў:
— экалогія,
-тэхналогіі,
— культура,
— інклюзія.
Галоўная мэта конкурсу: садзейнічаць прыцягненню ўвагі да грамадска важных праблем.
Яшчэ ў студзені ў Віцебску прайшоў крэатон “Першыя ідэі: культура”. Тады ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва сабраліся больш за 130 вучняў з Віцебска, Наваполацка, Оршы, Мінска, Маладзечна. Яны цэлы дзень генерыравалі ідэі ў камандах. Такія крэатоны прайшлі і ў іншых абласных гарадах Беларусі. Пасля ўдзельнікі дапрацоўвалі свае ідэі самастойна.
У выніку арганізатары атрымалі больш за сотню ролікаў і вызначылі з іх 10 пераможцаў. Сярод лепшых – вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 12 г.Віцебска Насця Кундзір.
Чаму гаворка менавіта пра музеі?
Насця цікавіцца хіміяй і беларускай мовай. Яшчэ ёй вельмі падабаецца журналістыка і людзі, якія выступаючы на сцэне, могуць захапіць сваім аповедам моладзь. На сённяшні дзень гэта сапраўды вялікае майстэрства, бо вялікую ролю у жыцці сучаснай моладзі адыгрывае Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Таму і прыдумаць штосьці новае, незвычайнае — вялікая праца. Таксама Насця займаецца танцамі і наведвае школьны тэатральны гурток «Світанак», з якім атрымоўвала ўзнагароды. Яна шмат выступае на розных канферэнцыях, удзельнічае ў алімпіядным руху.
Чаму абрала такую тэму?
— Гэтая тэма зараз практычна не развіваецца, моладзі нецікава хадзіць у музеі. Адно толькі слова «музеі» — і хочацца збегчы, заняцца чымсьці іншым. Людзі забылі, што значыць атрымліваць асалоду ад мастацтва. Тэму выбрала яшчэ падчас першага этапа праекта «Першыя» на крэатоне. Я вельмі натхнілася і вырашыла: трэба, каб усе ўзгадалі, што музеі – непаўторная з’ява ў жыцці кожнага народа, кожнай краіны. Калі мы зробім іх больш сучаснымі, то моладзі таксама стане цікава”, — адзначыла Насця .
У чым сутнасць ідэі?
Наведваючы розныя гарады, мы абавязкова чуем пра музеі. Але не ва ўсіх узнікае цікавасць іх наведаць. Насця ўпэўнена, што можна змяніць стэрэатып наведвання музеяў і зрабіць кожную экскурсію прыцягальнай. Ідэя праекта – заахвоціць моладзь знаеміцца з музеямі.
Насця прапануе стварыць сайт “Музеі Беларусі”, мабільнае прыкладанне і змясціць там маршрутызатары для пошуку цікавасцяў чалавека.
Дзякуючы гэтаму сайту, кожны можа атрымаць індывідуальны маршрут, які будзе ўлічваць усе вашыя інтарэсы. Інфармацыю можна раздрукаваць і накіравацца туды, што зацікавіла, паглядзець у любым музеі тое, што натхняе. На віртуальных дошках, створаных ў музеях, кожны наведвальнік зможа пакінуць свае думкі і ўражанні. Такім чынам музеі перастануць быць сумнымі месцамі з сухімі фактамі, бо моладзь у XXI стагоддзі чакае чагосьці новага і цікавага.
— Непасрэдна мне з віцебскіх музеяў больш за астатнія падабаецца Мастацкі музей, бо ў ім кожны месяц змяняюцца выставы, — кажа Насця. — Людзі могуць пабачыць штосьці новае і вярнуцца туды зноў. Думаю, менавіты гэтым музей і вылучаецца сярод іншых, бо ў яго хочацца прыйсці зноў, каб даведацца пра новае, невядомае, файнае.
Што трэба, каб ідэю рэалізаваць?
Насця ўпэўнена, што зможа знайсці каманду, якая дапаможа ў рэалізацыі ідэі. Пакуль у яе ёсць толькі план таго, як гэта выканаць:
- сабраць неабходную інфармацыю пра музеі з усёй Беларусі,
- распрацаваць адпаведную праграму для смартфонаў і сайт,
- звязацца з турфірмамі і распавесці пра ўсе функцыі прыкладання,
- распрацаваць тэст, каб даведацца аб цікавасцях чалавека,
- час ад часу займацца абнаўленнем сайта (дабаўленнем новых выстаў і музеяў),
- стварыць магчымыя маршруты ў межах кожнага горада.
Але Насця ведае галоўны аргумент для ажыццяўлення задуманага: дзякуючы праекту, можна змяніць стаўленне моладзі да музеяў, а таксама зрабіць кожнае наведванне займальным і непаўторным. І атрымаць асалоду ад багацця музейных экспацізый.
Наперадзе ў кожнага з пераможцаў, у тым ліку і ў віцебскай вучаніцы, – выступленне на маштабнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk, а таксама прыз — iPhone Xs! Жадаем поспеху!