Цікава гучыць! І гэта сапраўды пра “Спеўны сход”!
Як паведамляе сайт http://spevy.by/, гэтая ініцыятыва ўжо 4 гады яднае сотні людзей, якія маюць цікавасць да беларускай музычнай культуры. «Спеўны сход» – гэта сустрэчы, дзе людзі збіраюцца разам, каб спяваць беларускія песні розных часоў. За гэты час распрацавана вялікая колькасць тэматычных сходаў: песні з Полацкага сшытка, рамансы М.К. Агінскага і С. Манюшкі, песні XXст. (асобна першай паловы і другой), каляндарна-абрадавыя песні і іншыя. Разам з тым адбываліся сходы, прысвечаныя творчасці The Beatles, спявалiся польскія, шведскія, габрэйскія песні.
Спеўныя сходы дзейнічаюць не толькі ў Мінску, але і ў наступных гарадах: Гродна, Брэст, Віцебск, Бабруйск, Маладзечна, Вілейка.
Дарэчы, на сайце можна знайсці тэксты, відэа і аўдыё беларускіх песень усіх часоў, у тым ліку тэксты беларускіх песень каляндарна-абрадавых, дзіцячых, бяседных, рамансы Агінскага і Манюшкі, прыпеўкі і жартоўныя песні і шмат іншых. Ёсць ноты і фанаграмы музычных твораў для самастойнага музыцыравання.
А бліжэйшы час ў Віцебску загучаць мужчынскія песні. Мужчынская спеўная традыцыя – адна з найцікавейшых з’яў беларускай культуры. Разам з шматгалосым гучаннем, майстэрскім валоданнем галасамі, тэмбравым суладдзем і гармоніяй старажытных мелодый яны нікога не пакідаюць абыякавым. У Віцебску іх заспеваем разам з Алесем Чумаковым — удзельнікам гурта «Стары Ольса».
Час: 25 красавіка, 18:30
Месца: г. Віцебск, вул.Пушкіна, 2 (Беларускі тэатр «Лялька»). Уваход вольны.